1822 – ад’езд з Залесься Агінскага з сям’ёй ў Італію – праз Дрэздан і Парыж (разам з сакратаром Л. Ходзькам). Галоўная, афіцыйная прычына ад’езду – дрэнны стан здароўя князя (ў яго была падагра), якое ён хацеў палепшыць ў сонечнай краіне. Сям’я пасялілася ў Фларэнцыі, ў прадмесьці Фьезоле (Fiesole). На раніцу Амелія хадзіла на малітву ў мясцовы касьцёл (магчыма Сан-Францыска). Побач былі летнія палацы, бліжэйшым быў палац, дзе жыў князь Каніно (Люцыян Банапарт). Ў час вандровак па горадзе ў экіпажы Агінскія, як і іншыя, спыняліся на плошчы Мікелянджэла (PIAZZALE MICHELANGELО), адкуль адкрывалася прыгожая панарама Фларэнцыі. Праз нейкі час Амелія з маці былі ў Неапалі, а затым сям’я вярнулася ў Залессе, а князь з сакратаром засталіся ў Фларэнцыі. Агінскі ў гэты час бывае на балах і вячэрах ў князя Баргезэ, і ў амбасадах і дамах ангельскіх выгнаньнікаў.

Фьезоле (зьлева); панарама Фларэнцыі
Яшчэ ў Залесьсі Агінскі ўпарадкаваў свае запісы і дзёньнікі і тут, ў Італіі, ён на працягу некалькіх гадоў працуе над “Мемуарамі”.
1826 –
ў Парыжы, на французскай мове выходзяць ягоныя “Мемуары” (2 тыс. экземпляраў), выданьне якіх здзейсьніў выехаўшы сюды Л. Ходзька. Ў Жэневе надрукавана 3 тысячы асобнікаў.1827 –
выданьне “Мемуараў” на нямецкай мове (на польскай мове – ў 1870г.)Тыгачасныя “MAS-MEDIA” (“Le Globe”, “Le Fiqaro”, “Ia Revue britannique”, “Le Pilote”, “Journal de geneve” ды інш.) далі вельмі высокую адзнаку гэтаму твору Агінскага, падкрэсліваючы, што “Мемуары” з’яўляюцца “гісторыяй Польшчы” апошніх сарака гадоў.
16 сакавіка
– князь піша ліст з Фларэнцыі ў Залесьсе да сваёй 17-ці гадовай дачкі Эмы – “Мая каханая Эма! Гэта першы ліст, які ты атрымаеш ад твайго бацькі, з таго часу, як ты ёсць на сьвеце…, я заўсёды любіў Цябе гэтаксама, як Твайго брата і Тваіх сясьцёр… Я адрасую некалькі гэтых радкоў непасрэдна Табе, якая займае па прычыне ад’езду Амеліі і Ірэнеуша месца самай старэйшай ў сям’і, побач з Мамай… Любі яе, давай ёй доказы Тваёй ўдзячнасці, старайся яе парадаваць ў час хваляваньняў, прынось ёй повады толькі для радасьці…” [Тэксты лістоў з Фларэнцыі ў перакладзе Т. Кляшчонак, ўзяты з кнігі Е. Высоцкага “Старыя лісты распавядаюць”, Літаратурнае выдавецтва. Кракаў 1986г. – аўт.].
Эма Агінская (Бжастоўская, потым Высоцкая)
2 верасьня 1827г. ў Вільні адбыўся шлюб Эмы з Іпалітам Бжастоўскім. Маладыя пасяліліся пасьля шлюбу далёка ад Літвы ў вялюньскай зямлі (недалёка ад Лодзі, ў Польшчы) – ў маёнтку Бжастоўскіх Чарнажылы.
1828 –
заканчэньне рукапісу “Лісты аб музыцы” на французкай мове.2 лістапада
– ліст Эме “Мая каханая, Эма! Мяне вельмі ўзрушыла твая памяць аб маіх імянінах…”
Далей з сумам і тугой адзінокі і стары князь ўспамінае пра сямейнае жыццё ў Залесьсі:
“… ў той час, калі мы былі ўсе разам, калі дзеці мае прыходзілі мяне абняць, а я, тулячы іх да сябе, даваў ім з глыбіні сэрца маё бацькоўскае блаславеньне. Гэтыя хвіліны, такія шчаслівыя для мяне, мінулі і ўжо ня могуць вярнуцца, бо вы ўсе раскіданы па сьвеце, а я занадта стары і занадта прыгнечаны маім недамаганьнем, каб мець надзею, што мне ўдасца яшчэ раз сабраць вакол сябе гэтых каханых дзяцей, на якіх я абапіраў бы ўсю ўцеху маёй старасьці..”
1829 – князя Агінскага наведалі А. Міцкевіч і А. Адынец (Адынец быў сябрам А. Ходзькі і прыязджаў зь ім у Залесьсе). Князь чытаў паэзію Міцкевіча (Л. Ходзька прысылаў яе з Парыжа) і вельмі яе цаніў. Маладым Міцкевічу і Адынцу запомнілася гэта сустрэча і яны яшчэ некалькі разоў сустракаліся з Агінскім. У сваіх ўспамінах А. Адынец піша, што сустрэчы звычайна канчаліся партыяй ў шахматы (князь добра іграў ня толькі на фартэпіяна) паміж Агінскім і Міцкевічам. (Ў сваёй паэме “Пан Тадэвуш” Міцкевіч ўпамінае аб Агінскім).
1833 – ў Парыжы выходзіць другое выданьне “Мемуараў” Агінскага (дзякуючы Леанарду Ходзьке). Ў гэты год радасная падзея для Агінскага-бацькі – да яго прыехала Эмма з мужам.
Пасьля 10-ці гадоў разлукі гэта была іх першая сустрэча, якая хутчэй нагадвала новае знаёмства, бо ўсё было ўпершыню…
4 студзеня
– Эма, ў сваім дзёньніку запісвае: “Сёньня я шпацыравала з бацькам першы раз”. Пад іншай датай: “Першы раз Папа частаваўся ў нас абедам”.Іх сустрэчы былі частымі, па Фларэнцыі кружылі іх кароткія лісты (17 студзеня – аб танных білетах ў ложу тэатра, аб візітах і г.д.).
Ў сакавіку Эма з мужам адпраўляецца ў даўгое падарожжа па Італіі. Бацька і дачка ізноў абменьваюцца лістамі. Зь яго лістоў мы даведваемся, што Эма з мужам былі ў В’ярэджо, дзе пазнаёміліся з пані Гуадані. Зрок Агінскага становіцца горшым, некаторыя лісты ён вымушаны дыктаваць:
16 ліпеня, Фларэнцыя… Холадна ня толькі ў вёсцы [г.зн. ў Фьезоле – аўт.], але і ў горадзе. Вільготны і даждлівы час з халодным ветрам не дазваляе мне выйсці з маіх пакутаў, да якіх я прыгавораны з даўніх часоў [гэта пра падагру – аўт.]…”Далей ён піша, што ў нядзелю больш за гадзіну правёў у тэатры “de L’ARENA” і яшчэ глядзеў ў тэатары д’Альфьеры першы акт оперы “Ганна Балейн” і балет пасьля яе. Балет яму не спадабаўся, але музыкай і выкананьнем оперы ён быў задаволены.
“… Гэта праўда, што калі ходзіш у тэатар адзін раз ў шэсць месяцаў, маеш меньшую патрабавальнасць. Я працягваю той самы стыль жыцьця ў вёсцы, робячы экскурсы ў горад тры разы на тыдзень…, калі прыходзіць пошта і калі прыносяць газэты, бо гэта яшчэ з’яўляецца маім адзіным задавальненьнем. Я вельмі сумую з той пары, як ты ад’ехала. Час мне доўжыцца…”
У верасні Эмма з мужам вяртаецца ў Фларэнцыю і 13 верасня ў Бжастоўскіх нараджаецца дачка Гелена
.У кастрычніку князь Агінскі захварэў.
13 кастрычніка
– Эма прывезла паказаць сваю дачку. Князь гаварыць ўжо ня мог і толькі перакрыжаваў немаўлятку-ўнучку.15 кастрычніка
– ў доме на плошчы Санта Марыя Навэла (зараз дом №10), ў Фларэнцыі, ва ўзросце 68 гадоў памёр дыпламат, паўстанец 1794г., кампазітар, дзяржаўны дзеяч РП і сенатар Расейскай імперыі – князь Міхал Клеафас Агінскі.Эма з мужам Іпалітам пахавала свайго бацьку на кляштарных могілках пры храме Санта Марыя Навэла. Затым Агінскі быў перахаваны ў пантэон Санта Кроче (BASILICA DI SANTA CROCE), гэта зрабіла яго жонка Марыя дэ Нэры Агінская, якая ўстанавіла ў пантэоне, ў правай капэлэ (Capella castelliani del santissimo) надгробак свайму мужу з карарскага мармуру.

Базіліка Санта Крочэ ў Фларэнцыі

Акт аб сьмерці М.К. Агінскага (зьлева); надгробак Агінскаму ў храме Санта Крочэ
На гэтай, апошняй “кропцы жыцця” зямнога шляха князя Агінскага можна было б і скончыць… Але гісторыя роду Агінскіх – гэта і гісторыя “Паўночных Афінаў” пасьля 1833г. і гісторыя роду Агінскіх да нашага часу. Назва WEB-старонкі “Агінскі ў Залесьс” мае яшчэ і другі “сучасны сэнс” - жыццё “памяці аб Агінскім” ў Залесьсі, Беларусі і іншых краінах ў 70-х і 90-х гадах XXст. Пра ўсё гэта будзе распавядацца (скарочана і храналагічна) далей.